Самы стары будынак горада належыць, верагодна, да ХІХ стагоддзя. Верагодна, бо дакладна не вядома, у якім годзе той быў узведзены, каму належаў, што ў ім знаходзілася. Адно, што можна сказаць: цяпер тут прадаюць абутак.
У гэтым, як кажа Кацярына Захарэвіч, палягае глыбокая праблема Докшыцаў: такое ўражанне, што горад жыве толькі ў сучаснасці, быццам бы сувязь з гісторыяй згубленая. Нягледзячы на такі расклад, мы ўсё адно знайшлі, што паглядзець і паказаць.
Адметная рыса горада – фантаны. Іх цяпер тры. А проста пасярод гарадскога парка знаходзяцца старыя габрэйскія могілкі. Даволі дзіўна: як можна гуляць сярод надмагілляў?.. Насамрэч, тлумачэнне ёсць: пахаванні тут былі адпачатку. Толькі ў 1960-я нейкі разумнік вырашыў насадзіць парк на могілках. І ўжо ў наш час горад прыйшоў да такога вось кампрамісу.
Яшчэ цікавейшая гісторыя выйшла з драўлянай царквой: яе ўзвялі як часовую ў 1863 годзе на месцы цяперашняга касцёла, гадоў праз сорак перанеслі, потым з часовай яна стала пастаяннай, а цяпер тут… Дом рамёстваў.
Таксама ў выпуску: брукаванка, Базарная плошча (плошча Палявога), Траецкі касцёл, габрэйская булачная, газета “Родныя вытокі”, Докшыцкае возера