“Мой бацька – земляроб, дзед – каваль, а прадзед – бортнік”, казаў Вацлаў Ластоўскі. А вось пра яго самога адным словам не скажаш. Хіба ў трох – дзяяч беларускага адраджэння. Але й гэтага будзе мала.
Глядзіце відэа з серыі “Знакамітыя беларусы”:
Тэкст чытае Ігар Палынскі.
Умоўна жыццё Ластоўскага можна падзяліць на палітычнае і літаратурнае. У палітычным лёсе чорт нагу зломіць: у 19 гадоў ён уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве; потым стаў беларускім сацыялістам; затым – нацыяналістам, і па выніку дайшоў да эсэраў.
Ластоўскі ўдзельнічаў у стварэнні БНР і быў адным з тых, хто абвясціў незалежнасць беларускай дзяржавы. А потым стаў ініцыятарам перавароту ў Радзе БНР. Скончылася палітычная кар’ера тым, што ў 1923-м годзе Ластоўскага папрасілі з пасады прэм’ер-міністра БНР: калегі сказалі, што ён стаў “непапулярны ў дыпламатычных сферах Заходняй Еўропы”.
Але вернемся ў пачатак ХХ стагоддзя, калі Ластоўскі толькі ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Узначальвалі партыю браты Луцкевічы, якія былі таксама кіраўнікамі газеты “Наша Ніва”. Рэдакцыя знаходзілася ў Вільні, і сюды Луцкевічы запрасілі на працу маладога Ластоўскага.
У Вільню Ластоўскі прыехаў у 1909 годзе. Па адных звестках – сакратаром, па іншых – як тэхнічны работнік. Трэба сказаць, рэзюмэ ў Вацлава было стракатае: да пераезду працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай краме, пісарчуком, крамнікам у Пецярбургу і канторшчыкам на чыгуначнай станцыі.
Пра першы візіт Ластоўскага ў “Нашу Ніву” мы ведаем з яго ўласных успамінаў. Ён піша, што кантора была ў запушчаным стане і нагадвала склад макулатуры; там ён сустрэў чалавека з рудой барадой, які памешваў пальцам шкваркі на патэльні (гэта аказаўся Ядвігін Ш.) і Купалу, які быў не ў гуморы і наракаў на эканамічны стан рэдакцыі.
Вацлаў Ластоўскі
Ластоўскі друкаваў у “Нашай Ніве” ды іншых выданнях матэрыялы па беларускай літаратуры, этнаграфіі і гісторыі, а таксама публіцыстыку, апавяданні і вершы. Адным з першых ён звярнуў увагу на Кастуся Каліноўскага : у 1916 годзе ў газеце “Гоман” змясціў тэкст пра выдаўца “Мужыцкай праўды” і апублікаваў “Пісьмы з-пад шыбеніцы”.
У 1910 годзе “Наша Ніва” пачала друкаваць “Кароткую гісторыю Беларусі” Ластоўскага. У той жа год нататкі выйшлі кнігай у друкарні Марціна Кухты (выдавец “Вянка” Багдановіча). Гэта было навукова-папулярнае выданне, заснаванае на работах навукоўцаў з Украіны, Расіі і Польшчы. Аднак нельга сказаць, што праца Ластоўскага – чыстая кампіляцыя: ужо вядомыя факты ён падаў з беларускага пункту гледжання. Правільна пастаўлены ракурс зрабіў кнігу сенсацыяй.
Аднак не “Нівай” адзінай: жывучы ў Літве, Ластоўскі выдаваў часопіс “Крывіч”. Суаўтарам быў Дуж-Душэўскі – стваральнік бел-чырвона-белага сцяга. Выйшла 12 нумароў часопіса. У той жа час Ластоўскі выдаў руска-беларускі слоўнік, матэрыялы да якога збіраў больш за 20 гадоў. А таксама апублікаваў самую буйную сваю работу “Гісторыю крыўскай (беларускай) кнігі”.
Менавіта ў “Крывічы” выйшла аповесць Ластоўскага “Лабірынты”. Паводле яе пад Полацкам са старажытных часоў знаходзіцца падземны лабірынт, дзе захоўваюцца нацыянальныя скарбы крывічоў і жывуць неўміручыя старцы.
Ластоўскі верыў у сувязь нашых продкаў са старажытнымі грэкамі і быў прыхільнікам гіпербайрэйскай тэорыі. Ён усяляк пашыраў тэрміны “крывіч” і “Крывія”. Напэўна, у наш час Ластоўскі завёў бы юцюб-канал, дзе разважаў бы пра спрадвечную Крывію, арыйцаў-славян і ўнікальную беларускую лексіку.
Тытульны ліст “Расійска-крыўскага слоўніка” (рэпрынт).
Праца над “Крывічом”, як і жыццё ў Літве, скончылася для Ластоўскага пасля дзяржаўнага перавароту. Курс змяніўся, падтрымка беларускай культуры скончылася – і, адпаведна, фінансаванне. Усё гэта супала з асабістай драмай Ластоўскага: памёр маленькі сын Юрась. Ластоўскі вырашыў вярнуцца ў Беларусь; Урад БССР ласкава дазволіў зрабіць гэты ракавы крок.
Напачатку справы ішлі ўгару. У Мінску Ластоўскі заглыбіўся ў навуку: стаў дырэктарам дзяржаўнага музея, узначаліў кафедру этнаграфіі ў Інбелкульце, быў прыняты ў Акадэмію навук. Але беларусізацыя скончылася. Карнікі сфабрыкавалі вядомую справу “Саюза вызвалення Беларусі”. Ластоўскі стаў ахвярай чэкістаў.
21 ліпеня 1930 года ён знаходзіўся ў навуковай камандзіроўцы ў Сібіры на рацэ Обі. Тут яго і арыштавалі. Ластоўскаму прыпісалі не проста антысавецкую дзейнасць – прызначылі кіраўніком СВБ.
Так званае следства доўжылася каля дзевяці месяцаў. Ластоўскага выслалі на 5 гадоў у Саратаў, дзе ўсё склалася адносна няблага: ён уладкаваўся загадчыкам аддзела ва ўніверсітэцкай бібліятэцы.
А потым настаў 1937 год. Паўторны арышт. Усяго адзін допыт. У студзені 1938-га Вярхоўны суд СССР прыгаварыў Вацлава Ластоўскага да вышэйшай меры пакарання – як агента польскай выведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі.
Забілі Ластоўскага вечарам таго ж дня. Яму было ўсяго 55 гадоў.
Глядзіце таксама:
Як беларус стаў прэзідэнтам Гавайскіх астравоў? Гісторыя Мікалая Судзілоўскага
Што вядома пра аўтарку “Літоўскай гаспадыні” Ганну Цюндзявіцкую?
“Электрычны чалавек” з Наднёмана. Якуб Наркевіч-Ёдка