Мікалай Судзілоўскі пажыў у 14 краінах, змагаўся з царызмам, хаваўся ад жандараў па ўсёй Еўропе і між іншага пабыў першым прэзідэнтам Гаваяў. Ён палепшыў становішча карэннага насельніцтва і меў вялікія планы надалей, але ў ЗША таксама былі планы на райскія астравы…

Глядзіце новы выпуск “Знакамітых беларусаў” на нашым канале:

Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Пачалася гісторыя ў Магілёве 15 снежня 1850 года. Мікалай нарадзіўся ў сям’і судовага чыноўніка, які быў да таго ж збяднелым шляхціцам. З гімназічных гадоў паказваў вялікія здольнасці, але атрымаць вышэйшую адукацыю змог толькі ў 27 гадоў у Бухарэсце, у медычнай акадэміі. Паміж гэтымі кропкамі на маршруце прыгодаў знайшлося месца Пецярбургу, Кіеву, Саратаву і нават Лондану.

Нідзе Судзілоўскі не мог затрымацца надоўга, бо яго высочвалі царскія жандары: Мікалай быў зацяты рэвалюцыянер і практыкаваў “хаджэнні ў народ”. Урэшце ён быў вымушаны эміграваць з Расійскай імперыі назаўсёды. За мяжой рызыкі для жыцця былі меншыя, аднак і там за Судзілоўскім сачылі, так што давялося ўзяць псеўданім Нікалас Русэль, што значыць Рускі.

У Еўропе Судзілоўскі сустракаўся з Марксам і Энгельсам (выступалі на адным мітынгу); нелегальна пастаўляў зброю балгарскім рэвалюцыянерам, і нават хадзілі чуткі, што планаваў забіць Аляксандра ІІ. Так ці не, але Судзілоўскага апярэдзіў іншы беларус – Ігнат Грынявіцкі.

У 1887 годзе Мікалай пакінуў кантынент і пераехаў у Штаты па запрашэнні брата, а ўжо ў 1892-м перасяліўся на Гавайскія астравы. Напачатку жыў сярод іншых эмігрантаў: амерыканцаў, англічан, французаў, немцаў… Судзілоўскі пасяліўся ў рускай калоніі на востраве Оаху. Але неўзабаве захацеў самоты і цішыні, таму пераехаў на востраў Гавайі, дзе арандаваў 60 гектараў зямлі каля затухлага вулкана. Тут ён пабудаваў дом і вырошчваў каву, бананы, ананасы, апельсіны…

Здавалася б, вось яно, вяртанне ў згублены рай: цішыня, праца і акіян… Але Судзілоўскі і тут знайшоў прыгоду. Ён быў абураны, што амерыканцы эксплуатуюць карэннае насельніцтва, і як некалі ў Расіі, стаў агітаваць канакаў – так зваўся гэты народ – на барацьбу з прыгнятальнікамі.
Абарыгены называлі яго Куака Лукіні – Рускі Доктар. Для гавайцаў ён быў як Багушэвіч для беларусаў: тлумачыў каштоўнасць свабоды, культуры і дапамагаў у судовых і гаспадарчых справах. І, вядома ж, лячыў.

Амерыканцы вырашылі зрабіць з каралеўства Гаваі рэспубліку (каб далучыць да Штатаў). Пачалася перадвыбарчая кампанія, і тут на палітычную арэну выйшаў наш герой: стварыў нацыянальную партыю Гаваяў, якая таксама ўключылася ў гонку за ўладу. У 1901 годзе адбыліся выбары. Судзілоўскі меў шалёную папулярнасць і павагу, так што прэзідэнтам першага рэспубліканскага сената Гавайскіх астравоў стаў ён.

1901 год. Мясцовая газета паведамляе пра ўстаноўчы сход нацыянальнай партыі Гаваяў.

Прэзідэнт правёў некалькі рэформаў, якія палепшылі становішча канакаў. Планаваў адмяніць смяротнае пакаранне, увесці бясплатную адукацыю і адкрыць кансерваторыю. Але на ўсё не хапіла моцы: у Штатаў былі свае інтарэсы, а ў Гаваяў не было нават свайго войска, толькі атрад міліцыі. Судзілоўскі пратрымаўся год і падаў у адстаўку: апошняй кропляй стаў законапраект, які самі ж канакі і правалілі – за хабар.

Пасля Гавайскага расчаравання жыццё Судзілоўскага не скончылася: ён пабываў у Японіі ў час руска-японскай вайны, дзе займаўся ўлюбёнай справай – праводзіў рэвалюцыйную агітацыю (між параненых рускіх салдат). Ён верыў у камунізм, але ў Расію не паехаў. Кастрычніцкая рэвалюцыя выклікала ў яго пытанні, і запрашэнне бальшавікоў вярнуцца Судзілоўскі праігнараваў.

Доктара забіла запаленне лёгкіх, падхопленае ў 79 гадоў у кітайскім горадзе Чунцын. Памёр ён 30 красавіка 1930 года. Цела паводле ўсходняй традыцыі спалілі. Урна з прахам нястомнага падарожніка пахаваная на японскім востраве Амакуса.
Эпітафія, складзеная самім Мікалаем Судзілоўскім, сціпла паведамляе: “Сюды кінуты вандроўны жабрак”.

Падпісвайцеся на наш канал!

Глядзіце таксама:
Пане Каханку. “Смехатворныя ўчынкі, жарсці і зверствы”
“Электрычны чалавек” з Наднёмана. Якуб Наркевіч-Ёдка
Што вядома пра аўтарку “Літоўскай гаспадыні” Ганну Цюндзявіцкую?