У канцы XIX стагоддзя яго імя было добра вядомае: эксперыменты з электрычнасцю памешчык з Наднёмана паказваў у Берліне, Вене, Рыме, Пецярбургу; у Парыжы пра яго выдалі цэлую кнігу. І цяжка было знайсці газету, якая б ні разу не пісала пра Якуба Наркевіча-Ёдку.
Ён быў першы, хто даказаў, што ўсе жывыя арганізмы на планеце прадукуюць і праводзяць электрычнасць, у тым ліку – чалавек. Візуальным доказам стала электраграфія: спосаб фіксаваць электрамагнітнае поле жывых арганізмаў на фотапласцінах.
Якуб Наркевіч-Ёдка (1848 – 1905) у “Знакамітых беларусах”:
Тэкст чытае Юры Усціновіч.
Перш чым стаць “электрычным чалавекам”, як празвалі яго французы, Якуб праславіўся музычным геніем. На гэтым гісторыя магла скончыцца: малады Наркевіч-Ёдка ездзіў па ўсёй Еўропе, на яго канцэрты хадзілі каралі… Але пасля прыгодаў у Еўропе Якуб вярнуўся дадому, у ціхі Наднёман (цяпер – Уздзенскі раён), каб пачаць новую старонку ў жыцці.
Маёнтак ён ператварыў у суцэльную лабараторыю. У высокай, на 27 метраў, вежы абсталяваў метэастанцыю. У сутарэннях праводзіў эксперыменты з электрычнасцю.
Трэба сказаць, нямногія згаджаліся браць у іх удзел: часцей за ўсё эксперыменты праводзіліся ўначы, у цёмным пакоі і суправаджаліся сполахамі святла і трэскам. Сяляне адразу пачалі казаць пра сувязь пана з д’яблам; памешчыкі глядзелі на суседа скоса.
Большасць прыбораў, якімі карыстаўся, даследчык вынайшаў сам. Напрыклад, лізіметр – прыбор для замераў вільготнасці глебы. Або градаадвод, які ратаваў ураджаі наднёманскіх сялян. Праўда, сяляне думалі, што градаадводы адганяюць не толькі град, але і дажджы, і ў сухое надвор’е ламалі прылады.
У пачатку 1890-х гадоў Наркевіч-Ёдка вынайшаў апарат, які дазваляў чуць навальніцу за сотню кіламетраў: гэта быў прымач, які рэагаваў на электрычныя разрады ў атмасферы. Па факце, першае ў свеце радыё. Ёсць дакументальнае пацверджанне: пратакол з паседжання фізічнага таварыства ў Парыжы ў 1898 годзе, дзе запісана, што ідэя тэлеграфіі без правадоў належыць Якубу Наркевічу-Ёдку.
Сядзіба Наркевічаў-Ёдкаў, 1882 год.
Пра электраграфію тагачасныя газеты пісалі: “Гэта нараджэнне новай навукі!”, “Метад пралівае святло на таямнічую прыроду электрычнасці”, “Гэта тое самае, што мікраскоп у свеце цудаў прыроды”. Наркевіча-Ёдка зрабіў больш за 1500 “электрычных” здымкаў раслін, прадметаў і людзей. Іх паказвалі па ўсёй Еўропе, і ў 1900 годзе на міжнародным кангрэсе ў Францыі Наркевіч-Ёдка быў прызнаны прафесарам электраграфіі і магнетызму.
Навуковец заўважыў розніцу ў адбітках органаў хворых і здаровых людзей, стомленых і ўзбуджаных, сонных і бадзёрых. Ён прыйшоў да высновы, што электраграфія дапаможа дыягнаставаць хваробы, найперш – нервовыя (так і атрымалася). Таксама ён адкрыў, што здымкі мерцвякоў не даюць адбіткаў, што дазволіла адрозніваць клінічную смерць ад фізіялагічнай.
Вельмі папулярны ў той час быў электраграфічны здымак рук закаханых – паміж імі ззяла яркае святло. Пазней з дапамогай электраграфіі сталі вызначаць псіхалагічную сумяшчальнасць людзей, якія працуюць у экстрэмальных умовах – касманаўтаў, палярнікаў і інш. Дэтэктар хлусні таксама з’явіўся на аснове распрацовак Наркевіча-Ёдкі.
Прыклад электраграфіі.
Але многія ўспрымалі адкрыцці нашага земляка як штосьці містычнае. Узровень навукі быў недастатковы для тлумачэння многіх з’яў, адкрытых ім. Навуковец пісаў: “Пакуль яшчэ мне даводзіцца блукаць у поцемках”.
Жару паддавалі журналісты: яны вольна трактавалі вынікі яго працы. Наркевіч-Ёдка абураўся, што рэпарцёры “часта не ведаюць, пра каго і пра што пішуць”. Шарлатаны выкарыстоўвалі яго працу ў сваіх мэтах: тады быў страшна папулярны спірытызм.
Усё гэта псавала настрой вучонаму. Некаторыя даследчыкі пішуць пра дэпрэсію, якая загнала Наркевіча-Ёдку ў хваробу. Калі ў 1905 годзе навуковец памёр, толькі адна мінская газета змясціла некралог – “Северо-Западный край”. Потым газету закрылі. А яшчэ пазней у краі стала не да навукі.
Выпуск падрыхтаваны паводле кнігі “Прафесар электраграфіі і магнетызму”, В. Грыбкоўскі, В. Гапоненка, У. Кісялёў.
Глядзіце таксама:
Археолаг Яўстах Тышкевіч
Фалькларыст Павел Шпілеўскі
Фалькларыст Павел Шэйн
Геолаг Ігнат Дамейка